FANDOM


Зецельская гаворка — адасобленая, астраўная гаворка літоўскай мовы, арэал якой размешчаны на захадзе сучаснае Беларусі.

Адносіцца да дробных гаворак літоўскай мовы, якія ў арэальным дачыненні ўяўляюць сабою сукупнасць астраўных гаворак гэтай мовы, якія аточаны арэалам беларускай мовы і распаўсюджаны на паўночным захадзе Беларусі ўздоўж беларуска-літоўскай мяжы.

Паводле даследаванняў Т. Суднік станам на другую палову ХХ ст. (1975 г.) захоўвалася каля 30 носьбітаў зецельскай гаворкі, якія пражываюць у двух населеных пунктах сучаснага Дзятлаўскага раёнаГродзенскай вобласці, у вёсках Пагіры і Засецце. Арэал гаворкі прадстаўляе сабою найбольш аддалены ад асноўнага арэалу літоўскай мовы астраўны арэал у параўнанні з іншымі падобнымі арэаламі літоўскай мовы на паўночным захадзе Беларусі і на поўначы Польшчы. Арэал гаворкі размяшчаецца прыкладна на 50 км на поўдзень ад Ліды.

У генетычным дачыненні зецельская гаворка адносіцца да адных з дыялектаў літоўскай мовы, спалучаючы ў сабе, між іншага, не толькі ўсходнебалтыйскія, але і заходнебалтыйскія рысы. А. Відугірыс адзначаў асаблівасці зецельскай гаворкі, якія збліжаюць яе з арэалам заходніх аўкштайтаў, продкі якіх (яцвягі-дайнава) у старажытныя часы жылі ў тым ліку на тэрыторыях, заселеных цяпер паўднёвымі аўкштайтамі.

Паходжанне продкаў носьбітаў зецельскай гаворкі звычайна не звязваецца непасрэдна з этнічнымі літоўцамі, гісторыкі высоўваюць розныя пункты гледжання датычна іх этнагенезу.

Першы даследчык гаворкі Э. Вольтэр лічыў носьбітаў гаворкі нашчадкамі прусаў, якія былі пасаджаны Трайдзенем у наваколлях Слоніма. У сваіх даследаваннях Вальтэр засноўваўся на тэкстах Іпацьеўскага летапісу, у якіх утрымліваюцца пэўныя заходнебалтыйскія рэлікты. Пазнейшыя даследаванні, як правіла, мадыфікавалі гэту гіпотэзу або прымалі яе (высоўваліся здагадкі пра тое, што балты Трайдзеня насамрэч з'яўляліся яцвягамі).

Гэтай думкі прытрымліваліся перадусім такія гісторыкі, як А. Непакупны, Я. Атрэмбскі, Е. Ахманьскі, У. Свяжынскі і А. Квяткоўская. Аспрэчвалася А. Кібінем, які меркаваў, што інтэрпрэтацыя трайдзеневых балтаў як прусаў або яцвягаў заснаваная на няправільным разуменні летапіснага артыкулу 1276 года, дзе згадваецца пра захоп галіцка-валынскім атрадам прускіх пасяленцаў, адпраўленых у Слонім.

На думку іншага даследчыка гаворкі А. Відугірыса носьбіты зецельскай гаворкі з'яўляюцца нашчадкамі аўтахтоннага яцвяжскага насельніцтва рэгіёна, аднак супраць гэта гіпотэзы сведчаць адсутнасць на левабярэжжы Нёмана (дзе знаходзіцца Дзятлаўскі раён) яцвяжскіх каменных курганоў другой паловы I тыс. н.э. і адначасовая прысутнасць у гэтых мясцінах славянскіх помнікаў Х—ХІ стст. Падсумоўваючы, А. Кібінь прыходзіць да высновы, што продкі носьбітаў зецельскай гаворкі з'явіліся на левабярэжжы Нёмана ў ХІ ст., што тлумачыцца пажарамі і абарончымі працэсамі на славянскіх паселішчах і ўзвядзеннем каменных курганоў на тагачасным левабярэжжы (уласцівыя заходнім балтам), якія, у сваю чаргу, з'яўляюцца сведчаннямі міграцыі яцвягаў з правага берагу Нёмана на левы.